СМАРГО́НСКІ КА́ЛЬВІНСКІ ЗБОР,

помнік архітэктуры рэнесансу ў г. Смаргонь Гродзенскай вобл. У 1503 ці 1505 тут пабудаваны драўляны касцёл святых Міхаіла і Аляксея па фундацыі магната Ю.​Зяновіча. У 1552 ці 1553 на яго месцы ўзведзены мураваны кальвінскі збор. У 1621 гэты храм вернуты католікам пад назвай Троіцкі касцёл. У 1866—1921 дзейнічаў як Міхайлаўская царква, у 1921—47 — зноў касцёл. З 1947 не дзейнічаў. Рэстаўрыраваны ў 1858 і 1926. Купальны храм цэнтрычнага тыпу, у плане 8-граннік, злёгку выцягнуты па падоўжнай восі. З боку гал. фасада да яго прымыкае шмат’ярусная вежа-званіца (захаваліся 2 ярусы), завершаная нізкім шатром на 8-гранным барабане. У месцы злучэння званіцы і асн. аб’ёму прыбудавана цыліндрычная вежа. Магутныя сцены будынка прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Пластычны парапет апрацаваны лапаткамі і рэнесансавай аркатурай з гіркамі. Пасля рэстаўрацыі 1970 (Спец. навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні, арх. В.​Сахно, С.​Друшчыц) тут была выставачная зала. З пач. 1990-х г. пераабсталяваны пад касцёл.

Н.​Е.​Маркава, А.​А.​Міцянін.

Смаргонскі кальвінскі збор.

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)